Аляксандр — музыка, граў у рок-гурце «Канфлікт». У яго сіндром Турэта.
Увосень 2020 года, калі Аляксандр выходзіў на пратэсты, яго затрымалі на трое сутак нібыта за распіццё спіртнога на вуліцы, аднак у ізалятары распытвалі пра пратэсты ў Маладзечне.
12 красавіка 2022 года пасля ператрусу дома Аляксандра затрымалі, і да суда ўтрымлівалі пад вартай. Яго абвінавацілі ў абразе ў тэлеграм-каналах старшыні Следчага камітэта Івана Наскевіча і двух маладзечанскіх міліцыянтаў — Аляксея Посаха і Сяргея Белячэўскага.
У ліпені 2022 года Аляксандра прызналі вінаватым па крымінальнай справе, распачатай па артыкуле «Абраза прадстаўніка ўлады», прыгаварыўшы да абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Яго вызвалілі ў зале суда.
Праз тыдзень яго зноў затрымалі — па новай справе пра каментар на адрас намесніка начальніка Кастрычніцкага РУУС Мінска Віталя Мурзіча, пакінуты ў 2021 годзе. У верасні таго ж года Аляксандра зноў прызналі вінаватым у абразе прадстаўніка ўлады і прыгаварылі да абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу, вызваліўшы ў зале суда.
Пазней Аляксандр пакінуў Беларусь.









