Аляксандр — актывіст і былы каардынатар аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя". У 2019 годзе яго затрымалі напярэдадні парламенцкіх выбараў і асудзілі за тое, што ён на просьбу сяброўкі зняў кватэру для грамадзяніна Расіі, які пазней незаконна перасёк мяжу з Польшчай. Аляксандр лічыць справу сфабрыкаванай, бо не ведаў аб яго намерах. Ён правёў у зняволенні крыху больш за год і быў вызвалены па амністыі ў канцы жніўня 2020 года.
Аднак ужо ў сакавіку 2021 года Аляксандра зноў затрымалі і асудзілі за "ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак" у межах крымінальнай справы, распачатай пасля акцыі пратэсту 13 верасня 2020 года ў Брэсце. Падчас акцыі людзі спявалі і вадзілі карагоды, а супраць іх ужылі вадамёт.
Вызвалены ў сакавіку 2022 года, поўнасцю адбыўшы тэрмін пакарання, прызначаны судом.










