Аляксандра была затрымана ў лютым 2023 года па вяртанні ў Беларусь і на наступны дзень асуджана па адміністрацыйным артыкуле за "распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў" на 10 сутак. Аднак пасля адбыцця арышту яна так і не выйшла на волю, бо супраць яе распачалі крымінальную справу за два інтэрв'ю інфармацыйнаму рэсурсу, прызнанаму "экстрэмісцкім фармаваннем".
Яе абвінавацілі ў садзейнічанні "экстрэмісцкім фармаванням", адміністраванні Telegram-каналаў, распальванні варожасці, абразе ўладаў, распаўсюджванні персанальных дадзеных, а таксама ў паклёпе на Лукашэнку, і асудзілі па васьмі крымінальных артыкулах.
У сакавіку 2024 года суд разгледзеў апеляцыйную скаргу і скараціў тэрмін яе зняволення на адзін год, без права на далейшае абскарджанне.
У траўні 2024 года стала вядома, што яе паўторна асудзілі за "абразу прадстаўніка ўлады і суддзі".
Увесну 2025 года з'явіліся звесткі аб тым, што супраць Аляксандры распачалі чарговую крымінальную справу, і яе перавялі ў СІЗА.
























