Дзяніс працаваў электрыкам на Гомельскай ЦЭЦ. У снежні 2021 года яго затрымалі проста на працы: сілавікі знайшлі яго паведамленні ў чаце «Гомель: нас 97%», які пазней прызналі «экстрэмісцкім». Паводле версіі абвінавачання, 12 жніўня 2020 года Дзяніс заклікаў там людзей выйсці на мірны пратэст супраць фальсіфікацыі выбараў, перакрываць дарогі і баставаць.
У красавіку 2022 года Дзяніса прызналі вінаватым па крымінальнай справе, узбуджанай па артыкуле «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх», за гэтыя паведамленні, прыгаварыўшы да пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Віну ён прызнаў часткова: пацвердзіў, што пісаў у чат, але настойваў, што клікаў толькі на мірны пратэст.
Вызвалены ў кастрычніку 2022 года, цалкам адбыўшы прызначаны судом тэрмін пакарання.







