Дзяніс Хахлоў жыў у Расіі з лютага 2023 года, туды ён з'ехаў, бо баяўся пераследу на радзіме. З Расіі ён збіраўся з'ехаць у Грузію, але ў чэрвені 2023 года быў затрыманы ў Кабардзіна-Балкарыі з-за таго, што знаходзіўся ў міждзяржаўным вышуку па запыце Беларусі.
Дзяніс - айчым ужо асуджанага за ўдзел у пратэстах на два гады хатняй хіміі Уладзіслава Лагуценку.
Паколькі ў РФ не існуе аналага артыкула 342 КК РБ, а за хадзьбу па дарогах падчас пратэстаў існуе толькі адміністрацыйнае пакаранне, тэрміны якога ў Дзяніса даўно выйшлі, то ў дэпартацыі расейская пракуратура адмовіла.
Але ў іншым судзе, куды мужчыну прывезлі 13 ліпеня, яму прызначылі адміністрацыйны штраф за "перавышэнне максімальнага тэрміну знаходжання ў Расіі без рэгістрацыі". Са зняволення мужчыну не выпусцілі.
Яго перазатрымалі і змясцілі ў Цэнтр часовага знаходжання замежнікаў. У якасці доказу таго, што Дзяніса трэба трымаць пад вартай да дэпартацыі, было тое, што ён у вышуку ў Беларусі, нягледзячы на тое, што паводле расейскіх законаў ён цалкам невінаваты. Скаргі і звароты да афіцыйных органаў, якія пісалі расейскія праваабаронцы, выніку не далі. Дзяніса вывезуць у РБ.
18.01.2023 адбылося апеляцыйнае паседжанне суда. Прысуд пакінулі без змен.


