У ліпені 2020 года Дзмітрый пакінуў у «Аднакласніках» каментар пад фотаздымкамі участковых Пружанскага РАУС Сяргея Каляды і Дзмітрыя Таразевіча, якіх абвінавачвалі ва ўжыванні сілы да мірных грамадзян. Праз паўтара года каментар палічылі абразлівым: 16 сакавіка 2022 года Дзмітрыя затрымалі і двое сутак утрымлівалі пад вартай, пасля чаго адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.
У траўні 2022 года Дзмітрыя прызналі вінаватым па крымінальнай справе, узбуджанай па артыкуле «Абраза прадстаўніка ўлады», прыгаварыўшы да абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Кампенсацыю, прысуджаную міліцыянтам, ён выплаціў яшчэ да прысуду.



