Дзмітрый доўгі час жыў ва Украіне, у 2019 годзе ажаніўся там з украінкай. У беларускім войску ён не служыў, а ва Ўкраіне патрапіў у ВСУ на службу забеспячэння. З сакавіка па кастрычнік 2021 года працаваў вартаўніком на вайсковым складзе ў зоне размежавання паміж ДНР/ЛНР і падкантрольнай Украіне тэрыторыяй.
Восенню 2021 года, страціўшы беларускі пашпарт, Дзмітрый звярнуўся ў пасольства ў Кіеве, дзе яму аформілі часовы дакумент і параілі паехаць у Беларусь па новы пашпарт. Аднак адразу пасля перасячэння мяжы яго затрымалі. Двое сутак запар КДБ дапытваў яго па падазрэннях у "тэрарызме" і "перавозцы зброі".
Фактаў не знайшлі, але Змітра перавялі з ІЧУ ў СІЗА і распачалі справу аб "наёмніцтве" (арт. 133 КК РБ). Пазней артыкул перакваліфікавалі, і ў сакавіку 2022 года яго асудзілі за "ўдзел у ваенных дзеяннях на тэрыторыі замежнай дзяржавы без упаўнаважання Беларусі". Падчас знаходжання ў СІЗА ў Зміцера нарадзілася дачка.
Па падліках праваабаронцаў, ён быў вызвалены зімой 2024 года, цалкам адбыўшы пакаранне.





