Яўген быў затрыманы 8 снежня 2021 года і прыгавораны да 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Нагодай для затрымання стала знойдзенае падчас ператрусу партманэ для дакументаў з выявай "Пагоні". Па заканчэнні тэрміну адміністрацыйнага арышту на волю Яўген не выйшаў, бо ў дачыненні да яго была ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле "арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх".
У сакавіку 2022 года Яўгена асудзілі за ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту, якая прайшла 25 кастрычніка 2020 года ў Менску. Вядома, што ў яго мабільным тэлефоне былі знойдзеныя фатаграфіі з акцыі пратэсту, на якіх ён быў адлюстраваны з бел-чырвона-белым сцягам на плячах.
Пакінуў Беларусь да пачатку адбыцця пакарання.
У кастрычніку 2024 года ў рамках спецыяльнай вытворчасці адбылося завочнае судовае пасяджэнне па пытанні замены абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на пазбаўленне волі.





