Міхаіл — дырэктар будаўнічай фірмы і брат былога супрацоўніка ГУБАЗіК Станіслава Лупаносава, які падчас службы супрацоўнічаў з ініцыятывай BYPOL, а ў снежні 2020 года з'ехаў ва Украіну. У жніўні 2021 года Міхаіл быў затрыманы і ўзяты пад варту ў рамках крымінальнай справы, узбуджанай па артыкулах аб выкарыстанні несапраўднага дакумента і аб унясенні загадзя ілжывых звестак у афіцыйныя дакументы з карыслівай ці іншай асабістай зацікаўленасці. У СІЗА яго прымушалі на камеру асуджаць дзеянні брата і перадаваць яму заклікі «апамятацца» ад былых калег.
У чэрвені 2022 года Міхаіла прызналі вінаватым па артыкуле «нанясенне маёмаснай шкоды без прыкметаў крадзяжу», зняўшы абвінавачванні па іншых артыкулах, і прыгаварылі да абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Вызвалены ў снежні 2023 года, цалкам адбыўшы прызначаны судом тэрмін пакарання.




