Вольга — вядомы візажыст, заснавальніца студый і школ макіяжу ANATOMIA. Яе майстар-класы праходзілі ў многіх краінах, а ў Instagram у яе больш за паўмільёна падпісчыкаў.
9 сакавіка 2022 года Вольгу затрымалі. У «пакаяльным» відэа, якое выклалі праўладныя тэлеграм-каналы, яна сказала, што нагодай сталі яе фота і відэа з акцый пратэсту 2020 года ў Instagram, і патлумачыла, што выходзіла на акцыі, бо яе абураў гвалт над людзьмі.
У траўні 2022 года Вольгу прызналі вінаватай па крымінальнай справе, узбуджанай па артыкуле «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх», і прыгаварылі да пазбаўлення волі ў калоніі.
Вызвалена ў снежні 2023 года, цалкам адбыўшы прызначаны судом тэрмін пакарання.


















