2 верасня 2020 года падчас праўладнага аўтапрабегу «За адзіную Беларусь» у Новай Баравой Святлана сарвала з адной з машын пластыкавы флагшток. Паводле версіі абвінавачання, яна яшчэ і некалькі разоў ударыла ім па кузаве аўтамабіля. Пацярпелай па справе прызналі адну з арганізатарак праўладных аўтапрабегаў Вольгу Маршаловіч (Сышчанка).
Восенню таго ж года Святлану двойчы прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за дробнае хуліганства, звязанае з гэтым аўтапрабегам. Потым супраць яе ўзбудзілі крымінальную справу. Увесь час следства і суда яна заставалася на волі пад падпіскай аб нявыездзе, а на працэсе суддзя распытвала яе мужа, ці падтрымлівала Святлана пратэстоўцаў.
У лістападзе 2021 года Святлану прызналі вінаватай па крымінальнай справе, узбуджанай па артыкуле «Хуліганства», і ўзялі пад варту проста ў зале суда.
Вызвалена ў кастрычніку 2022 года, цалкам адбыўшы прызначаны судом тэрмін пакарання.























