Юры быў затрыманы 9 красавіка 2021 года супрацоўнікамі ГУБАЗіК на працоўным месцы, пасля чаго ў яго дома правялі ператрус. Яго павезлі ў невядомы будынак, дзе пад пагрозамі жыцця — сваёй і сям'і — яго збівалі і прымусілі запісаць відэа з прызнаннем ва ўдзеле ў акцыі пратэсту 23 верасня 2020 года ў мінскім мікрараёне Серабранка. Пасля Юрыя даставілі ў Следчы камітэт, дзе пад наглядам супрацоўнікаў ён напісаў прызнальныя паказанні.
Пазней ён быў асуджаны па артыкуле "ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак" і прысуджаны да абмежавання волі.
Да пачатку адбывання пакарання яму ўдалося пакінуць Беларусь.




