Валянцін Федарэнка даслаў з кнопкавага тэлефона 160 тэкставых паведамленняў на польскі нумар тэлеканала "Белсат". За гэта яго абвінавацілі ў "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці". Валянціну, які церпіць ад псіхічнага захворвання, пагражала да шасці гадоў пазбаўлення волі. Па інфармацыі крыніцы "Радыё Свабода", Валянцін пакутуе ад невылечнага псіхічнага захворвання. Дыягназ быў пастаўлены яшчэ ў 1980-я гады. Пасля гэтага пенсіянер не звяртаўся да ўрачоў. На судзе экспертка пацвердзіла, што захворванне невылечнае і можа наступаць толькі рэмісія. Федарэнку накіравалі на новую судовую экспертызу.
У паведамленнях мужчына пісаў аб перамяшчэнні расейскай ваеннай тэхнікі ў Гомелі і ўзлётах расейскіх самалётаў з аэрадромаў Гомельскай вобласці. На судовым паседжанні Валянцін прызнаў віну і раскаяўся. Ён заявіў, што не ведаў пра тое, што тэлеканал "Белсат" з'яўляецца экстрэмісцкім фармаваннем.
