Зухра, ураджэнка Узбекістана, была прызнана вінаватай у кастрычніку 2021 года па артыкулах "гвалт або пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў", "абраза прадстаўніка ўлады" і "Паклёп". Па версіі абвінавачання, яна публічна абразіла начальніка Полацкага РАУС — Аляксандра Гаруса. Сярод "пацярпелых" таксама падпалкоўнік Дзяніс Карасёў, начальнік аддзела аховы правапарадку аддзела прафілактыкі грамадскай бяспекі, і маёр Віталь Шашукоў, намеснік начальніка Полацкага ІЧУ, якім жанчына нібыта пагражала.
Нягледзячы на тое, што Зухра даглядае дзіця з інваліднасцю, яе прыгаварылі да абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
У верасні 2024 года прэзідыум Віцебскага абласнога суда разгледзеў у адкрытым паседжанні крымінальную справу Зухры па касацыйным пратэсты намесніка Генеральнага пракурора РБ. Па выніках паседжання артыкул "абраза прадстаўніка ўлады" быў адменены, а тэрмін абмежавання волі скарочаны на два месяцы.
У студзені 2025 года ў рамках спецвытворчасці адбылося завочнае судовае паседжанне па пытанні замены абмежавання волі на пазбаўленне волі ў калоніі.





