25 чэрвеня 2022 года КДБ унёс у “спіс тэрарыстаў” яшчэ дваіх людзей. Пералік папоўнілі мінчане Дзяніс Сальмановіч і Андрэй Слізюк.
Дзяніс Сальмановіч быў затрыманы 4 кастрычніка 2021 года. На праўладных каналах Дзяніса называюць «галоўным візуальным рэдактарам» ролікаў руху «Супраціў». На відэа Сальмановіч кажа, што затрыманы супрацоўнікамі міліцыі з-за таго, што «складаўся ў дэструктыўных тэлеграм-каналах», «супрацоўнічаў з "Буслы ляцяць"» і ўдзельнічаў у акцыях пратэсту ў 2020 годзе.
Андрэй Слізюк паспеў пакінуць краіну і цяпер знаходзіцца ў бяспечным месцы. Малады чалавек пагадзіўся пагаварыць з dissidentby наконт чарговага рашэння нелегітымных улад. Андрэй - адзін з фігурантаў справы групы “Буслы ляцяць”. Затрыманых па гэтай справе Аляксея Гамезу, Андрэя Будая, Аляксея Іванісава, Аляксандра Мураўёва, Мікалая Бібліса і Аляксандра Сідарэнку абвінавачваюць у серыі акцый супраціву, сярод якіх: пашкоджанне аўтамабіля суддзі Барысаўскага раёна ў сакавіку 2021 года і акна ў кватэры, дзе «пражывае супрацоўнік пракуратуры Мінска з малалетнім дзіцём», у красавіку 2021 года,
Андрэй Слізюк займаў актыўную грамадзянскую пазіцыю з 2010 года:
Я зразумеў, што ў нашай краіне нешта не так. На акцыі з воплескамі хадзіў у 2011. У тыя гады большасці насельніцтва было ўсё роўна, таму потым не актыўнічаў. У 2020, калі многія "прачнуліся", натхніўся і зразумеў, што я не адзін. У 2020 я быў на ўчастку і на свае вочы бачыў колькасць "гармонікаў" у урне.
Андрэй пазнаёміўся з Аляксеем Іванісавым на дваровых сустрэчах. Аказалася, што яны жылі ў суседніх дамах і да гэтага не ведалі адзін пра аднаго. З часам Андрэй і Аляксей сталі сябрамі. Калі пачаліся затрыманні, Андрэй тэрмінова пакінуў краіну. Суразмоўца дзеліцца, што гэта было прадчуванне. І яно яго не падвяло. Усе фігуранты справы знаходзяцца пад вартай, унесены ў “спіс тэрарыстаў”, а судовыя пасяджэнні праходзяць у закрытым рэжыме.
Андрэй Слізюк, фота з асабістага архіва суразмоўцы
Я лічу, што з нас ляпяць "тэрарыстаў", каб астатнім было непаважна быць супраць улады. Насамрэч ні я, ні хлопцы - не тэрарысты, а звычайныя свядомыя грамадзяне, патрыёты, я б нават сказаў. Гэтым інтэрв'ю я хачу выказаць словы падтрымкі ўсім незаконна асуджаным. Хачу перадаць, што пра іх памятаюць і яны не будуць сядзець свае велізарныя тэрміны, - кажа Андрэй.
Любы чалавек, які падвяргаецца найбольш жорсткаму пераследу з боку рэжыму Лукашэнкі, у тым ліку навешванню таўра “тэрарыста”, заслугоўвае як мага большай падтрымкі з боку грамадзянскай супольнасці і міжнароднай супольнасці. Відавочна, што злачынная і карная сістэма правасуддзя сучаснай Беларусі абсалютна далёкая ад магчымасці прадставіць усе факты таго, што адбываецца, і абставіны пераследу чалавека аб'ектыўна, незалежна, адкрыта і непрадузята. Галоўнай мэтай усіх інстытутаў, задзейнічаных у рамках крымінальнага пераследу (ад супрацоўнікаў міліцыі да суддзяў), з'яўляецца выкананне волі дыктатара, а менавіта падаўленне іншадумства і максімальна моцны ціск на ўсіх прыхільнікаў дэмакратычных пераменаў. У падобных абставінах недапушчальна прымаць на веру прадстаўленыя “доказы” віны падсудных і пагаджацца з тымі ярлыкамі, якія навешваюцца на чалавека або групу асоб для дыскрэдытацыі апазіцыйных сіл або запалохвання насельніцтва. Толькі ў дэмакратычнай краіне з цалкам незалежнай і адкрытай судовай сістэмай, свабодным доступам да юрыдычнай дапамогі і захаваннем прэзумпцыі невінаватасці чалавека мы зможам аб'ектыўна ацаніць той ці іншы выпадак палітычнага пераследу. Да таго часу наша задача – змагацца за неадкладнае вызваленне ўсіх вязняў рэжыму Лукашэнкі і ў працэсе барацьбы імкнуцца як мага паўней дапамагаць ім пераносіць усе нястачы і цяжкасці зняволення.

Фота з асабістага архіва суразмоўцы
