заўв., пунктуацыя аўтара захавана.
Вітаю!
Ужо вельмі даўно не атрымліваў вашых лістоў ды і не пісаў сам, вельмі спадзяюся што ў вашай сям'і ўсе здаровыя і ў вас усё добра. Даходзяць навіны што на волі за апошні год стала цяжэй, гэта сапраўды так? Вось амаль скончылася яшчэ адно лета, для мяне гэта ўжо другое лета ў няволі, кожны раз калі я пра гэта задумваюся, мой мозг гатовы выбухнуць ад усведамлення колькі ў мяне яшчэ наперадзе, колькі мне яшчэ давядзецца вынесці, вытрываць :(.
Цяпер я ў Брэсцкай вобласці ў горадзе Івацэвічы, 300-250 км ад дому. Я вельмі часта задумваюся пра тое як было людзям, якія калісьці даўно трапілі пад рэпрэсіі, у ссылкі. Параўноўваючы тое, што адбываецца са мной, і тое, што магу ўявіць цьмяна са сваіх ведаў пра тыя часы. Разумею, што тое, што выпала на маю долю, не ідзе ў параўнанне з тымі мукамі, пакутамі, якія давялося вынесці ім. Але мне ўсё гэта даецца цяжка, я не прызначаны для такіх месцаў. Тое, як тут усё ўладкавана, як адбываецца насамрэч, такі жах, трызненне і маразм!...

ПК-5, Івацэвічы
Я не злодзей, не забойца і не махляр. Мне цяжка знаходзіцца ў гэтым асяроддзі. Насамрэч цяжка, вельмі цяжка і фізічна, і маральна, і матэрыяльна вельмі. Можа здацца, што я наракаю, скарджуся. Але сапраўды гэта так, мне нават асабліва няма пра што напісаць, бо ў гэтым месцы няма нічога добрага, і калі нешта адбываецца - то нешта дрэннае, кожны дзень адно і тое ж (напэўна, я становлюся жудасным песімістам).
Я хаджу на работу (калі гэта можна так назваць), апошнім часам працую з 8.00 да 23.00, так хутчэй ляціць час і адцягваешся ад рэчаіснасці, ад абсурду, які робіцца вакол. Плацяць за работу зусім ужо смешныя капейкі, 2-5 рублёў выходзіць часам, работа вельмі цяжкая, брудная і шкодная. Палягае ў разборцы кабеляў, дроту на каляровы лом.
Я, вядома ж, магу не працаваць, але, як я ўжо пісаў - работа адцягвае, час ідзе хутчэй і вострая фінансавая патрэба прымушае араць нават дзеля гэтых пары рублёў. Насамрэч гэта жахліва! :(
З верасня я іду вучыцца ў мясцовае ПТВ на прафесію "станочнік дрэваапрацоўчых станкоў" і планую працягваць хадзіць на работу ў другую змену. У вольны час вельмі шмат чытаю кніг, праходжу завочнае навучанне ў дыстанцыйнай біблейскай школе, тэлевізар увогуле не гляджу - на яго ўжо часу не хапае.

Ліст ад Іллі Дубскага
А вось нядаўна даведаўся вельмі непрыемную для сябе навіну з волі, з дому. Мая Бабуля (адзіная) у бальніцы з чацвёртай стадыяй раку, урачы кажуць рыхтавацца да горшага :( Яна важыць 15 кг, жах! Рак з'ядае яе :(. Падобна, я яе больш не ўбачу... Для мяне гэта самае жахлівае ў жыцці, што можа адбыцца - страта блізкіх...
Што яшчэ мне расказаць вам? На жаль, акрамя непрыемнага больш і няма чаго, але грузіць вас гэтым я не буду. Увогуле, калі адпусціць некаторыя моманты і мець падтрымку з волі, то тут можна знаходзіцца і трываць. Але вось калі падтрымкі няма, як у мяне - то вельмі, вельмі цяжка. Каб хоць неяк выцягваць, трэба ўнікаць у многія моманты, тонкасці. Выкручвацца, падладжвацца пад іншых і рабіцца бессаромным. Адным словам - станавіцца (прыстасоўвацца) такім, як тут пераважная большасць. Але я не хачу быць такім, НЕ ХАЧУ! Мяне ванітуе ад большасці тых, хто тут знаходзіцца, у мяне ёсць сумленне і я хачу, каб яно ў мяне і засталося.
Калі ёсць магчымасць і жаданне - адпішыце, калі ласка, што цікавага, што новага, якія ёсць добрыя навіны, як праходзіць лета. Яшчэ мне сорамна пра гэта пісаць, калі ў вас ёсць магчымасць і жаданне мне чым-небудзь дапамагчы, падтрымаць - Буду ад усяго сэрца ўдзячны! Напрыклад, можна ў заказных лістах дасылаць кнігі, сшыткі, стрыжні, карткі для званкоў з таксафона, паштоўкі, канверты, маркі. Таксама можна пакласці грошай на рахунак (заўв., даныя адпраўніка па кантактах dissidentby). Можа быць, у бліжэйшы час, што-небудзь зменіцца ў лепшы бок, вельмі ўжо хочацца ў гэта верыць! Вельмі цяжка даецца мне ўсё гэта, вельмі няпроста.
Прабачце, што доўга не пісаў! Адпішыце, калі ласка, буду чакаць з нецярпеннем вестачкі ад вас! Усім прывітанне і Беражы Вас Бог!!! Прабачце...Ілля :)
