36‑гадовы мазырскі блогер Максім Шуканаў меў больш за 6000 падпісчыкаў на YouTube-канале Union Bell. Хлопец аналізаваў палітычныя працэсы, расказваў праўду пра вайну Расіі і Украіны. Часам гэтыя ролікі набіралі дзясяткі тысяч праглядаў.
Нават пасля таго, як рэпрэсіі ўзмацніліся, Максім не з'яжджаў з краіны. Разам са сваёй нявестай Палінай Зыль - яна таксама блогер - хлопец перайшоў на падпольнае становішча.
Пара пазбягала кантактаў з беларускай дзяржавай, аднак у лютым 2025 года ў рэшце рэшт прыйшлося звярнуцца да медыкаў - бо ў Максіма абвастрыліся праблемы са здароўем на фоне арышту бацькі, работніка Мазырскага НПЗ Ігара Шуканава.
Калі чалавек, які знаходзіцца ў вышуку, звяртаецца з пашпартам па медыцынскую дапамогу, міліцыя атрымлівае пра гэта сігнал. Хутчэй за ўсё так адбылося і ў выпадку блогера.
Сітуацыя была двойчы драматычнай, бо пацягнула за сабой і арышт Паліны Зыль.





