Таццяна грала на скрыпцы і вучылася ў музычным каледжы. 22 лютага 2022 года яе затрымалі каля пад'езда дома, пасля чаго ў кватэры правялі ператрус. Падставай стаў фотаздымак з аднаго з маршаў 2020 года, знойдзены ў сацыяльных сетках яе сястры. Разам з Таццянай затрымалі яе сястру Яну Барысовіч і маці, якой суд прызначыў 15 содняў адміністрацыйнага арышту. Пасля арышту Таццяну адлічылі з каледжа.
У чэрвені 2022 года Таццяну прызналі вінаватай па крымінальнай справе, узбуджанай па артыкуле «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх», за ўдзел у гэтым маршы, прыгаварыўшы да абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Пасля прысуду яе вызвалілі з-пад варты да пачатку адбывання пакарання.
Праз некалькі дзён у кватэры правялі новы ператрус, і неўзабаве Таццяна пакінула Беларусь.
У снежні 2024 года ў рамках спецыяльнай вытворчасці адбылося завочнае судовае паседжанне па пытанні ўзмацнення віду пакарання.




