Упершыню Юрый быў затрыманы 11 жніўня 2020 года ў Гомелі і падвергся жорсткаму збіццю ў Навабеліцкім РАУС. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і прыгаварылі да 12 сутак адміністрацыйнага арышту.
У ліпені 2021 года Юрыя зноў затрымалі — ужо ў межах крымінальнай справы, узбуджанай па артыкулах «абраза прадстаўніка ўлады», «абраза суддзі» і «абраза Лукашэнкі». Паводле версіі абвінавачання, ён быў падпісаны на тэлеграм-каналы, дзе публікаваліся асабістыя дадзеныя супрацоўнікаў сілавых структур, і са снежня 2020 года па красавік 2021 года размяшчаў «каментары абразлівага характару, выказаныя ў непрыстойнай форме».
У лістападзе 2021 года Юрыя прызналі вінаватым у абразе 23 чалавек — чыноўнікаў, суддзяў, супрацоўнікаў міліцыі, пракурораў і Лукашэнкі — і прызначылі прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары.
На судовых паседжаннях Юрый не прысутнічаў. Па словах сваякоў, ён знаходзіўся ў дэпрэсіўным стане, у яго назіраліся панічныя атакі і псіхасаматычныя засмучэнні. Таксама вядома, што за час зняволення ён схуднеў больш як на 35 кілаграмаў. Яго законным прадстаўніком выступаў бацька.
