Гомельскі грамадскі актывіст, які займаўся абаронай зялёных зон і гарадской прасторы ад ушчыльнення, дапамагаў жыхарам адстойваць свае правы. Сярод кампаній, у якіх ён удзельнічаў, - абарона сквера каля гасцініцы "Турыст" і зялёнага масіву каля стадыёна "Дынама", барацьба супраць ушчыльнення на вуліцах Цімафеенкі і Фадзеева.
Пасля адміністрацыйных арыштаў і штрафу ў 2020 годзе Сляпухін выехаў з Беларусі. Жыў у Кіеве, дзе дапамагаў беларускім уцекачам і ўдзельнічаў у грамадскіх ініцыятывах, пазней пераехаў у Варшаву.
У маі 2024 года актывіст даведаўся аб уключэнні ў базу вышуку МУС Расіі. Тады ён таксама расказваў , што ўчастковы і супрацоўнік КДБ прыходзілі да яго маці і пыталіся, дзе ён знаходзіцца. Пазней ён даведаўся, што на яго завялі палітычна матываваную крымінальную справу.
