10 жніўня 2020 года падчас акцый пратэсту Аляксей ехаў у сваім аўтамабілі па Менску ў раёне "Белай Вежы". На скрыжаванні мужчына ўбачыў амапаўцаў, якія, шукаючы пратэстоўцаў, пачалі брутальна затрымліваць кіроўцаў аўтамабіляў: страляць і біць у машынах шкла. Аляксей, не чакаючы свайго затрымання, паехаў наперад, дзе якраз праязджалі супрацоўнікі ДАІ. Не заўважыўшы службовую машыну, Аляксей перабудаваўся ў яе рад. На момант манеўру машына ДАІ ўжо спынілася, і мужчына паехаў далей па сваіх справах. У гэтым дзеянні суд убачыў умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органа ўнутраных спраў (арт. 365 КК).
У той жа час і ў тым жа месцы нібыта знаходзіўся супрацоўнік ДАІ Масэнза, які ў канцы снежня 2022 года даў паказанні, нібыта Аляксей хацеў тады яго збіць. За гэта мужчыну паставілі ў віну ст. 364 КК і ўзялі пад варту.
У Аляксея трое дзяцей, адна з іх непаўналетняя дачка 5-ці гадоў.












