Віктар быў затрыманы 4 студзеня 2020 года ў межах крымінальнай «справы Аўтуховіча» і абвінавачаны ва ўдзеле ў «тэрарыстычнай арганізацыі», якая мае дачыненне да падпалаў маёмасці супрацоўнікаў міліцыі. Яго асудзілі за "ўдзел у злачыннай арганізацыі", "замах на захоп улады", "незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі" і "незаконнае перамяшчэнне агнястрэльнай зброі праз мытную мяжу".
У 2024 годзе Віктара паўторна асудзілі за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі». З лютага 2025 года ён знаходзіўся ў памяшканні камернага тыпу (ПКТ), а ў маі таго ж года стала вядома аб новым прыгаворы па тым жа артыкуле, які часта прымяняюць да зняволеных за адмову супрацоўнічаць з адміністрацыяй. У выніку агульны тэрмін пазбаўлення волі склаў 22 гады і 6 месяцаў.
3 ліпеня 2025 г. была разгледжана апеляцыйная скарга Віктара.
У снежні 2025 года Віктара хутчэй за ўсё асудзілі чарговы раз па 411 артыкуле.
У кастрычніку 2026 года стала вядома , што супраць палітвязня распачалі чацвёртую справу за "злоснае непадпарадкаванне". Ці адбыўся ўжо суд - невядома. Віктар некалькі месяцаў знаходзіцца ў рэжыме інкамунікада - без сувязі са знешнім светам. Такім чынам, па стане на 21 кастрычніка 2026 года агульны тэрмін мужчыны складае 24 гады і шэсць месяцаў. Нягледзячы на тэрмін, яму засталося сядзець амаль столькі, колькі прызначылі па першым прысудзе.
Цягам гэтых амаль шасці гадоў Віктара рэгулярна змяшчаюць у ШІЗА і ПКТ. З-за жудасных умоў і пастаянных абмежаванняў фізічны стан палітвязня значна пагоршыўся: ён страціў шмат мышачнай масы, пачаліся праблемы са спіной, нагамі і скурай.















