Андрэй быў затрыманы ў чэрвені 2021 года ў рамках крымінальнай справы, узбуджанай па артыкулах «арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак», «незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў» і «абраза Лукашэнкі».
У верасні 2021 года яго прызналі вінаватым за ўдзел у паслявыбарных акцыях пратэсту 2020 года ў Мінску, абразу Лукашэнкі на YouTube, а таксама за набыццё, захоўванне і перавозку сыпучага рэчыва без апавяшчэння ўпаўнаважаных органаў.
У чэрвені 2022 года ў дачыненні да Андрэя адбылося судовае паседжанне па артыкуле «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы», па выніках якога тэрмін пазбаўлення волі быў павялічаны, а рэжым узмоцнены.
У студзені 2023 года адбылося яшчэ адно судовае паседжанне па артыкуле аб «непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі». У выніку агульны тэрмін пакарання склаў сем гадоў пазбаўлення волі.
З красавіка 2024 года і па стане на пачатак снежня таго ж года родныя нічога не ведаюць пра Андрэя. На іх запыт у адміністрацыю калоніі быў атрыманы фармальны адказ аб тым, што ён нібыта сам усё паведаміць «праз перапіску», аднак лістоў ад яго не паступае.






