У канцы кастрычніка 2022 года ў Мінску затрымалі шэсць мужчын за тое, што яны 7 кастрычніка нібыта вывесілі пашыты бел-чырвона-белы сцяг разам са сцягам Украіны на апоры ЛЭП у Менску. Гэта Ігар Цяпцееў, Юрый Несцярэнка, Віктар Грынько, Валерый Балабешка, Уладзімір Савельеў, Ігар Цікач. У тэлеграм-канале Антона Матолькі на наступны дзень з'явіўся пост з фатаграфіяй сцяга і подпісам: "Мінчане віншуюць украінскі народ з цудоўнымі навінамі з крымскага моста. Крым — це Україна! Жыве Беларусь! Слава Украіне!".
Цяпцееў распавёў у праўладным фільме, што знаёмы з астатнімі фігурантамі справы з дзяцінства. Па словах Ігара, ён не думаў, што за вывешванне сцягоў будзе крымінальная адказнасць. Сцяг зрабілі яшчэ ў сакавіку, доўгі час Ігар захоўваў яго дома, а потым перадаў Юрыю.
Па словах прапагандысткі Гладкай, жонка Ігара была вымушаная пакінуць Беларусь з-за пераследу за падзеі 2020-га года. Цяпер яна ў Польшчы, а мужчына з маленькімі дзецьмі - у Беларусі.
14.09.2023 адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі. Прысуд уступіў у сілу.
11 верасня 2025 года стала вядома, што 52 вязні беларускага рэжыму прымусова перамясцілі на тэрыторыю Літвы. Сярод іх ёсць і грамадзяне еўрапейскіх краін. Сярод вызваленых Ігар Цяпцееў.








