Юлія ўпершыню была асуджана разам з мужам за "ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак" у рамках крымінальнай справы, распачатай пасля акцыі пратэсту, якая праходзіла 13 верасня 2020 года ў Брэсце. Падчас акцыі людзі спявалі і вадзілі карагоды, аднак супраць іх ужылі вадамёт. Суд прызначыў Юліі абмежаванне волі ў выглядзе "хатняй хіміі".
Праз некалькі месяцаў, 13 кастрычніка 2021 года, у яе доме адбыўся ператрус, пасля якога яе затрымалі ў рамках новай крымінальнай справы і ўзялі пад варту ў СІЗА. У другі раз яе асудзілі ў ліпені 2022 года па шасці крымінальных артыкулах, абвінаваціўшы ў прадастаўленні інфармацыі аб службовых асобах, якія маюць дачыненне да крымінальнага пераследу яе сям'і. Суд прыгаварыў Юлію да пазбаўлення волі і штрафу. Па выніках апеляцыі суд скараціў тэрмін зняволення ўсяго на тры месяцы і зменшыў суму штрафу. У выніку канчатковы тэрмін склаў 4 гады і 9 месяцаў.
У студзені 2025 года стала вядома, што над Юліяй прайшоў трэці суд па артыкуле аб "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці".
Восенню 2025 года выйшла на волю, поўнасцю адбыўшы тэрмін пакарання.





























