Мужчыну затрымалі пасля 2021 года. Батвіча абвінавацілі па двух артыкулах - "шпіянаж" і "агентурная дзейнасць". Гаворка ідзе пра 59-гадовага мужчыну, які, хаця і не мае беларускага грамадзянства, але вырас і жыў у Беларусі. Гэта Батвіч Сяргей Іванавіч - ён валодаў кампаніямі, агульны абарот якіх складаў сотні тысяч долараў, а частка з іх была зарэгістраваная ў ЕС.
Сяргей займаўся бізнесам у Беларусі, Расіі, Францыі і Літве (і мае грамадзянства гэтых краін ) - у асноўным, гэта быў турызм і аптовы экспарт вугалю з Усходняй Еўропы ў краіны Балтыі і Заходняй Еўропы. Агульны зварот кампаній Батвіча ў «тлустыя» гады складаў некалькі сотняў тысяч даляраў у год. У 2014-м Батвіч паўдзельнічаў у праекце будаўніцтва завода па вытворчасці драўнянага вугалю пад Свіслаччу. Яшчэ адзін яго буйны праект — набыццё маёнтка Багудзенкі каля Свіслачы за 30 тысяч долараў.
«Паўтара гады трымалі ў адзіночнай камеры, падвяргалі 10-гадзінным крыжаваным допытам, пакідаючы без ежы і пітва пры хранічных захворваннях — цукровы дыябет, посттрамбозны сіндром, гіпертанія і падагра», — апісвае Батвіч умовы ўтрымання ў лісце. Па словах мужчыны, беларускія сілавікі хацелі, каб ён "ажыццявіў самаагавор пра нібыта шпіёнскую дзейнасць на карысць Літвы". Ён таксама напісаў у лісце, што спецслужбы пагражалі ягонай сям'і, патрабавалі, каб жонка з дзіцем прыехала ў Беларусь і прывезла працоўны тэлефон Сяргея.
Былыя вязні распавялі , што ў калоніі Батвіч працуе на ўчастку нізкакваліфікаванай працы, пад адкрытым небам, і ў любое надвор'е пілуе дошкі двухручнай пілой або чысціць правады і кабелі на каляровы метал. Будынка, у якім можна схавацца ці хоць часова пагрэцца ўзімку, на той прамзоне няма - памяшканне, у якім зняволеныя пераапранаюцца, замыкаецца на замак да вечара.
Людзі, якія сядзелі ў адной калоніі з Батвічам, гавораць пра дрэнны стан яго здароўя.























