Дзяніс валодаў невялікай крамай і захапляўся футболам.
28 лютага 2022 года, у першыя дні поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, на перагоне Жэрдзь — Астанкавічы згарэла рэлейная шафа сігналізацыі. З-за гэтага на ўчастку лініі Жлобін — Калінкавічы, якая вядзе да ўкраінскай мяжы, перасталі працаваць святлафоры і стрэлачныя пераводы. Паводле версіі абвінавачання, Дзяніс падпаліў шафу разам з двума знаёмымі, каб запаволіць перакідку расійскай вайсковай тэхнікі. 4 сакавіка таго ж года яго затрымалі і пры затрыманні моцна збілі.
У снежні 2022 года Дзяніса прызналі вінаватым па крымінальнай справе, узбуджанай па некалькіх артыкулах, у тым ліку «Акт тэрарызму» і «Здрада дзяржаве», і прыгаварылі да вялікага тэрміну пазбаўлення волі. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме.
Яшчэ ў СІЗА Дзяніса змяшчалі ў карцар. У калоніі ў Горках яго адразу адправілі ў штрафны ізалятар, потым неаднойчы вярталі туды, а ўлетку 2023 года перавялі ў памяшканне камернага тыпу, пасля чаго сувязь з ім знікла на некалькі месяцаў.
У сакавіку 2024 года Дзяніса прызналі вінаватым па крымінальнай справе, узбуджанай па артыкуле «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы», і дадалі да тэрміну яшчэ два гады. Увесну 2025 года Дзяніса перавялі на турэмны рэжым.


























