Аляксандр, былы юрысконсульт ААТ "Нафтан" завода "Палімір", быў затрыманы ў верасні 2021 года ў Расіі, калі спрабаваў выехаць у Варшаву. Па дарозе з Варонежа супрацоўнікі ФСБ праверылі яго дакументы, і, разумеючы, што яго затрымаюць у Маскве, ён скокнуў з цягніка, атрымаўшы пералом нагі і вывіх рукі, але дабраўся да мяжы з Украінай. Пры спробе перасекчы яе легальна яго затрымалі, перадалі супрацоўнікам КДБ і змясцілі ў СІЗА ў межах крымінальнай справы супраць супрацоўнікаў заводаў, якія падтрымалі стачку і ўваходзілі ў “Рабочы рух”. Гэтая ініцыятыва 21 верасня 2021 года была прызнана экстрэмісцкай, і адначасова па краіне прайшлі затрыманні працоўных.
У лютым 2023 года яго прызналі вінаватым па артыкулах "незаконныя дзеянні з агнястрэльнай зброяй", "здрада дзяржаве" і "стварэнне экстрэмісцкага фармавання і ўдзел у ім", прыгаварыўшы да пазбаўлення волі і буйнога штрафу.
У красавіку 2023 года Аляксандр увайшоў у тройку фіналістаў міжнароднай праваабарончай прэміі Global Advocacy Award.
У красавіку 2024 года адбылося чарговае судовае паседжанне, па выніках якога Аляксандра перавялі на турэмны рэжым.
















































