Вадзім у жніўні і кастрычніку 2020 года адбываў адміністрацыйныя арышты. Чарговае затрыманне адбылося 28 чэрвеня 2021 года ў рамках крымінальнай справы па эпізодзе на аб'екце сувязі ВМФ РФ пад Вілейкай.
Паводле версіі абвінавачання, агучанай у судзе, Вадзім разам з Аляксеем Глотавым, "апрануўшыся ў камуфляж і ўзброіўшыся агнястрэльнай зброяй, праніклі на тэрыторыю ваеннага аб'екта і ўсталявалі выбуховыя прылады з радыусам паражэння да 11 метраў". Адно з іх не спрацавала і было абясшкоджана. Экспертыза паказала, што ініцыяванне праходзіла з запаволеным дзеяннем.
Урон ацанілі больш як у 26 тысяч рублёў. Таксама прагучала, што Вадзім "планаваў выехаць на тэрыторыю Украіны для праходжання ваеннай падрыхтоўкі".
У снежні 2022 года яго прызналі вінаватым і прыгаварылі да пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і буйнога штрафу.
У 2025 годзе адбылося судовае паседжанне па пытанні замены рэжыму адбывання пакарання, у выніку якога Вадзіма перавялі на турэмны рэжым.








































